Поиск по этому блогу

суббота, 14 апреля 2012 г.

Ці наведваюць беларускія палітыкі парнасайты?

Нядаўна ў шэрагу апошніх падзей у стужцы сацыяльнай сеткі "Фэйсбук" з'явілася паведамленне пра тое, што палітык Рыгор Кастусёў прачытаў артыкул пра... гумавыя лялькі. Побач з паведамленнем красавалася распранутая дзяўчына з голай попкай...

Літаральна ў гэты ж дзень на сайце "Беларускі партызан" з'явілася заметка "Григорий Костусёв любит погорячее": маўляў, Кастусёў любіць наведваць сайты для моладзі і чытае артыкулы пра тое, як агаліць цела, а затым і душу.

"Тут і цяпер"распытала некаторых апазіцыйных палітыкаў аб тым, навошта ім старонка ў сацыяльных сетках і ці зазіраюць яны на парнасайты.

Анатоль Лябедзька сябруе з супрацоўнікамі БТ

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі робіць запісы на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" амаль кожны дзень, а то і некалькі разоў на дзень. Кожную раніцу пасля традыцыйнай прабежкі Анатоль Уладзіміравіч паведамляе не толькі пра свой настрой і надвор'е (хаця ранішнія "прывітанні" ад Лябедзькі — гэта, можна сказаць, ужо традыцыя).

Па запісах старшыні АГП можна прасачыць, з кім ён сустракаўся, дзе быў, пра што размаўляў. Палітык вельмі аператыўна адгукаецца амаль што на ўсе падзеі. Ён сцвярджае, што "фэйсбучнае жыццё" ў яго шмат часу не забірае.

"Галоўнае, каб было пра што пісаць і каб было жаданне гэта рабіць, — гаворыць Анатоль Уладзіміравіч. — Вось днямі прыйшоў я ў падатковую, паслухаў іх і, пакуль яны гаварылі, напісаў на сваёй старонцы пару радкоў з нагоды. Трэба проста больш эфектыўна распараджацца тым часам, які маеш: звычайна гадзіны нібы прасочваюцца паміж пальцаў. А ў тым, каб быць пастаянна на сувязі, мне здаецца, ёсць сэнс. Да таго ж заўсёды ёсць зваротная сувязь. І потым, часам бывае так, што трэба тэрмінова з кімсьці параіцца. Вось у мяне быў выпадак: я збіраўся сустрэцца з еўракамісарам Фюле, напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" і пацікавіўся ў сяброў, аб чым важна ў яго запытацца. І людзі адрэагавалі. У выніку, я прыходжу на сустрэчу і бачу, што Фюле з планшэта чытае маю старонку. І свой выступ ён пачаў з рэакцыі на тое, што там напісана".

Ёсць меркаванне, што за сацыяльнымі сеткамі пільна назіраюць і супрацоўнікі розных беларускіх спецслужбаў — маўляў, некаторым заробак плацяць за тое, што яны пішуць у каментарах усялякія гадасці або проста ўважліва адсочваюць усе запісы і потым выдаюць "аператыўныя аналітычныя справаздачы".
"Была скандальная сітуацыя, калі адна дзяўчына з маіх віртуальных сяброў на самай справе аказалася зусім не той, за каго сябе выдавала, — распавядае Лябедзька. — Але яе вельмі хутка вылічылі. Цяпер мяне нават папярэджваюць, што ёсць такія персанажы, якія просяцца ў сябры з пэўнай мэтай. Але я ў "Фэйсбуку" сябрую практычна з усімі, не звяртаючы ўвагу на палітычныя перакананні. Напрыклад, у мяне ў сябрах журналіст Белтэлерадыёкампаніі Павел Тухто — ён актыўна спрабуе задаваць пытанні, выводзіць на эмоцыі, але я сам кантралюю сітуацыю і гляджу, хоча ён падыскутаваць або проста "пасабачыцца". Мне, дарэчы, цікавыя не толькі тыя людзі, якія падзяляюць мае погляды. Вельмі важна рэакцыя і процілеглага боку".

А вось сайты з сумніўным зместам Анатоль Лябедзька імкнецца абмінаць.

"Я наведваю толькі палітычныя сайты і сайты навін, — кажа палітык. — Мне гэтага абсалютна хапае. Па парнасайтах не хаджу — у мяне ў гэтым сэнсе ўсё добра".

Алесь Лагвінец адыёзных асоб не "фрэндзіць"

Саветнік старшыні Руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец таксама актыўны карыстальнік сацыяльных сетак. Яго старонка пастаянна абнаўляецца — тут і фотаздымкі, і каментары, і меркаванні.

"Старонка ў сацыяльнай сетцы — гэта як сродак камунікацыі, — тлумачыць палітолаг. — На маю думку, ад яе больш карысці, чым мінусаў. Гэта магчымасць інфармаваць грамадскасць пра тое, аб чым думаеш.

Колькі часу займае "Фэйсбук"? Не ведаю дакладна — магчыма, гадзіну-паўтары ў дзень. Але на "Фэйсбук" я заходжу яшчэ і для таго, каб паглядзець навіны. Часам стужка сацыяльнай сеткі дазваляе даведацца пра нейкія падзеі хутчэй, чым пра іх паведамяць традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі".

Пра выпадак з Кастусёвым Лагвінец кажа так: "Парог публічнасці палітыкаў заніжаны, таму варта чакаць, што могуць быць і адмоўныя каментары, і, магчыма, больш будзе абмяркоўвацца прыватнае жыццё, учынкі. Да гэтага трэба быць падрыхтаваным. Цяпер інфармацыі вельмі шмат, і наслядзіць можна значна лягчэй, чым у тыя часы, калі не было ні мабільных тэлефонаў, ні электроннай пошты, ні сацыяльных сетак".

У віртуале Алесь Лагвінец сябруе толькі з тымі, чые погляды больш-менш падзяляе.

"Стараюся не далучаць да сваіх сяброў адыёзных асоб, — гаворыць ён. — Напачатку я спрабаваў сам шукаць тых людзей, якія мне цікавыя, а зараз толькі адказваю на прапанову сябраваць".

Рыгор Кастусёў дзякуе за піяр

Экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010 года — намеснік старшыні Партыі БНФ — пра выпадак з гумавымі лялькамі распавядае з усмешкай. І сцвярджае, што парнасайты яго не цікавяць.

"Трапіў на спасылку нейкую — загаловак быў пра душу і цела — і перайшоў туды, можна сказаць, выпадкова, мяркуючы, што траплю на нейкі разумны псіхалагічны роздум, а там замест тэксту пра душу — старонка з голымі дзяўчатамі, — шчыра прызнаецца палітык. — Ну і ў стужцы "Фэйсбука" зафіксавалася, што я быццам бы прачытаў гэты артыкул. Але гэта быў не парнасайт".

На папрокі ў тым, што, маўляў, ніякіх запісаў на сваёй старонцы Кастусёў не вядзе, каментараў не пакідае, палітык адказвае так: "Я карыстаюся "Фэйсбукам", у мяне там каля паўтары тысячы сяброў — гэта немалая колькасць. Яшчэ карыстаюся скайпам, электроннай поштай. І гэтыя рэчы выкарыстоўваю для сваёй працоўнай дзейнасці. А проста піярыцца ў сацыяльных сетках, як некаторыя — маўляў, пабыў за мяжой і выпіў гарбату за 40 долараў, мне нецікава. Такія падыходы я не прымаю, бо лічу гэта ненармальным".

Рыгор Кастусёў, у адрозненне ад таго ж Лябедзькі, кожны дзень запісы ў "Фэйсбуку" не робіць. У лепшым выпадку — раз у 1-2 тыдні.

"Калі ёсць думкі, вартыя абмеркавання, альбо тыя, якія сапраўды можна выносіць на шырокую грамадскасць, я пішу, — гаворыць палітык. — Напрыклад, апошні мой запіс быў такі: "На будынак школы ў г.п. Копысь Аршанскага р-на пасля рамонту не вернута шыльда, якая сведчыла, што школа носіць імя Янкі Купалы. Мясцовыя ўлады матывуюць гэта тым, што адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджалі б прысваенне школе імя Я.Купалы. Школа насіла гэтае імя з 50-х гадоў мінулага стагоддзя, але амаль праз 60 год мясцовым уладам прыйшла думка адмяніць тое рашэнне, бо дакументы тых часоў не захаваліся або былі наўмысна знішчаны".

Яшчэ праз старонку ў сацыяльнай сетцы я віншую з днём народзінаў сяброў і знаёмых, выказваюся пад постамі іншых сяброў на тую тэму, якая для мяне цікавая, і інфармацыяй, якой валодаю. Карацей кажучы, пішу пра тое, у чым разбіраюся.

Я вельмі не люблю, калі палітыкі займаюцца танным піярам, у тым ліку і ў сацыяльных сетках. І калі пад такім піярам стаіць 20—30 каментараў, я лічу, што людзям проста няма чаго рабіць, яны проста бавяць час. А ў мяне часу на такія забавы няма.

Ведаеце, пасля таго артыкула на "Партызане" я яшчэ раз (спецыяльна) адкрыў інфармацыю накшталт той, пра якую напісалі журналісты, — хацеў паглядзець на рэакцыю: мо яшчэ раз зрэагуюць, павядуцца на жаўцізну. Але не зрэагавалі. Я той артыкул не каменціраваў: калі захацелася ім так напісаць — ну, калі ласка. У любым выпадку дзякуй за піяр.

А што тычыцца парнасайтаў, дык я нармальны мужык, і ў сексуальным плане ні на што не скарджуся".

МІЖ ІНШЫМ

Старонкі на "Фэйсбуку" таксама маюць лідар партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін (праўда, ён там не робіць амаль што ніякіх запісаў) і генерал Валерый Фралоў (спачатку актыўнічаў у сацыяльных сетках, а цяпер таксама стаў рэдкім наведвальнікам "Фэйсбука").

Дзяржаўныя чыноўнікі — напрыклад, той жа міністр інфармацыі Алег Праляскоўкі, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей і памочніца кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч — старонак у "Фэйсбуку" не маюць. Хаця муж Пяткевіч — былы намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка — зарэгістраваны ў "Фэйсбуку" і нават выкладвае там даволі цікавыя фотаздымкі.

А вось дэпутаты Палаты прадстаўнікоў часцей карыстаюцца "Аднакласнікамі", чым "Фэйсбукам". Праўда, пасля таго, як адно інтэрнэт-выданне змясціла матэрыял пра замежныя ваяжы чыноўнікаў, той жа Мікалай Самасейка выдаліў са сваёй старонкі ўсе фота, акрамя больш-менш афіцыйных.

svabodaby.net

Комментариев нет:

Отправить комментарий