Поиск по этому блогу

пятница, 6 апреля 2012 г.

“П.С.Х.” – Пільнуй свае хаты!


У мяне на працоўным стале кампутара ў якасці фону доўгі час “вісела” шматпіксельная “рэпрадукцыя” карціны Эжэна Дэлакруа “Свабода, якая вядзе народ”.
Твор напісаны мастаком у 1830 годзе пад уплывам Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі і амаль з факталагічнай дакладнасцю адлюстроўвае падзеі таго часу. Аднак у самым цэнтры кампазыцыі выяўлена тое, чаго “фактычна” не магло быць. Увагу гледача на палатне прыцягвае алегорыя. Менавіта яна, паводле задумкі аўтара, павінна адыгрываць галоўную сюжэтную ролю.
Гэта напаўаголеная маладая жанчына. Мяркуючы па усім – тагачасны ідэал жаночай прыгажосці, якая трымае ў руках французскі трыкалор, знаходзіцца наперадзе ўсіх астатніх персанажаў і ў нейкім патрыятычным парыве аглядаецца на парыжан, што паўсталі супраць дыктатуры Карла Х, апошняга з французскіх Бурбонаў.
Пазней гэтая жанчына, якая першапачаткова ўвасабляла Свабоду, стала персаніфікаваным нацыянальным сімвалам Францыі, ў яе нават з’явілася імя – Марыяна. Гэта яна змагалася і перамагала ў часы ўсіх французcкіх паўстанняў і рэвалюцый, партызаніла ў атрадах “макі”, здзейсняла тэрарыстычныя акты супраць марыянеткавага рэжыму Віші ў часы акупацыі яе Радзімы гітлераўскай Германіяй. Марыяна – гэта Францыя. Менавіта такой французы бачаць сваю краіну: маладой, прыгожай і свабоднай.
Некаторыя абазнаныя ў мастацтвазнаўстве, сацыялогіі і псіхологіі навукоўцы ў адзін голас заяўляюць са сваіх прафесарскіх кафедраў, што Радзіма ў большасці народаў атаясамліваецца з архетыпным вобразам Жанчыны. Цалкам верагодна, тым больш што панятак “Радзіма” ў шмат якіх мовах (у тым ліку і беларускай) мае жаночы род. Але адразу паўстае пытанне: які змест утрымлівае гэты жаночы вобраз і адкуль вынікаюць яго карані ў культуралагічным сэнсе?
Паводле прынцыпа гістарызму, было б лагічным вывесці дадзены вобраз з першабытных часоў, калі жанчына функцыянальна была звязана з тагачасным жытлом – падтрымлівала агонь і гадавала дзяцей у той час, калі мужчына знаходзіўся на паляванні. Такім чынам, падсвядома жанчына атаясамліваецца з Домам, са сталым месцазнаходжаннем чалавека. Калі ж разглядаць дадзенае пытанне непасрэдна з пункту гледжання псіхалогіі, то, думаю, што не памылюся, калі ўзгадаю аб тым, што жыцце кожнага чалавека, незалежна ад полу, гэтаксама пачынаецца з жанчыны, а менавіта – маці. І, можа быць, менавіта таму, смерць, заканчэнне зямнога шляху чалавека, ў мастацкім увасабленні большасці культур, гэтаксама аніяк не абыходзіцца без “удзелу” жаночага “пачатку”. Хай сабе і ў кантэксце супрацьпастаўлення, але гэта ніякім чынам не змяньшае, а толькі павялічвае сімвалічную ролю жанчыны. Іншая справа – якая гэта жанчына.
«Не забуду мать родную!» як «Родина-мать зовет!»
Нядаўна натрапіў на невялічкае эсэ скандальна вядомага расейскага пісьменніка і палітычнага “сядзельца” Эдуарда Лімонава са з’едліваю назваю “Матушка”. Памятаеце самы вядомы агітацыйны плакат Савецкага Саюза ў часы Другой сусветнай вайны “Родина-мать зовет!”? Дык вось што мяркуе па дадзеным пытанні аўтар вышейпамянёнага эсэ:
Почему русские любят свою Родину в облике женщины, минувшей свои лучшие годы, уже не плодной, бывшей женщины? Тюремное сознание даёт ответ, и очень исчерпывающий, на этот вопрос: в тюрьме почитается только мать-старушка. Ведь другие ипостаси женщины изгнаны из тюрьмы: молодые женщины все обладают инстинктом соития, все практически оказываются неверны заключённому. И только мать-старушка, женщина, у которой репродуктивный возраст позади, только она ждёт и любит своего непутёвого тюремного сына. По всей вероятности, наш народ адаптировал себе в качестве символа Родины именно мать заключённого, она же и солдатская мать, ибо заключённый лишь крайний сосед солдата, они помещены на том же поле. Оба несвободные, один жертва наказания, другой – долга. 
Есть, мы знаем другой образ матери, куда более известный и универсальный, растиражированный средневековыми ещё иконами, образ Мадонны с младенцем. Воспроизведённый сотни тысяч раз на картинах, в том числе на русских иконах. Почему немолодая женщина, прижимающая к себе дитя, почему? Молодая мать может изменить, потому в образе матери-Родины важен её нерепродуктивный возраст. Мать-старушка единственный небольной для сына-заключённого образ женщины (жена, девушка могут изменить, мать не может) является таким же единственным родным и неизменяющим образом для сына-солдата.
Мать-родина, старушка-пенсионерка, солдатская мать на самом деле самый неженственный образ. Наша Родина – бывшая женщина… Наш символ Родины реликтовое напоминание о матриархате? Наш символ общества пришёл из тюрьмы? Наше общество устроено по тюремным понятиям? Верно и то, и другое. Это нездоровый символ, но другого у нас нет. Страна по-тюремному обожествляет старушку маму-Родину. Короче «Не забуду мать родную!» и «Родина-мать зовёт!» – две реплики из одной и той же кривой мелодрамы”.
Не будзем прынамсі забывацца, што гэта прыватнае, суб’ектыўнае меркаванне кіраўніка нацыянал-бальшавісцкай партыі. Асобы ў вышэйшай ступені эксцэнтрычнай і супярэчлівай, нягледзячы нават на тое, што, пагадзіцеся, нейкае рацыянальнае зерне ў яго словах ўсе ж такі ёсць.
Але нешта мы ўсё пра замежжа. Думаю, што час звярнуцца да нашых блаславёных “палесцін”. Якой жа бачаць сваю Радзіму беларусы і які сэнс ўкладаюць у яе вобразнае ўвасабленне?
Беларусь – НАШ ДОМ!
Нешта каля дзесяці-дванаццаці год таму ў недзяржаўнай беларускай прэсе пачаў часцяком мялькаць, на мой погляд, даволі цікавы, слушны і актуальны лёзунг “БЕЛАРУСЬ – НАШ ДОМ!”. Узнік ён невыпадкова, бо ў беларускай культурнай і мастацкай спадчыне гэты вобраз мае ледзь не самы шырокі, шматзначны ўжытак. І вось чаму.
Дастаткова хаця б аднойчы паглядзець тэатральную пастаноўку п’есы Я.Купалы “Раскіданае гняздо”, дзе галоўны герой Лявон Зяблік пасля страты ўласнага жылля, ужо ў канцы першага акту, скончыў жыццё самагубствам, каб зразумець, што вобраз уласнай хаты ва ўяўленні беларуса з’яўляецца нечым неабсяжна большым, чым можа падацца на першы погляд. Па сюжэце гэтага твору, асноўнае дзеянне, кульмінацыя адбываецца менавіта ў канцы першага акту, калі да фіналу яшчэ процьма часу – герой не сцярпеў трагедыі бяздомнасці, страціў тое, што ўзводзіў сваімі рукамі, “адкуль маці і бацьку на цвінтар вывез”. Дзіўная хата ў беларуса і не менш парадаксальнае стаўленне да яе.
“Кепска мая хата, падваліна згніла, і дымна і зімна” – заводзіць сваю песню ужо герой іншага твору – Мацей Бурачок. Суседзі, шкадуючы небараку, будуць прапаноўваць яму новую хату, “абшчагу” – інтэрнат, камуналку і гэтак далей. Але гаспадар з усіх сілаў будзе трымацца за сваю хаціну. Адарвіце яго ад гэтае хаты, звязіце туды, дзе Макар цялят не ганяў, – ён вернецца да руінаў, да папялішча, роднага гнязда, нават сабе на пагібель, як герой аповесці Васіля Быкава “Аблава” Федар Роўба, ў якога аднялі дом, гаспадарку, сям’ю, раскулачылі і адправілі ў Сібір. Дарэчы, лёс самога Васіля Быкава амаль што цалкам паўтарае лёс яго героя. Пасля працяглага скітання па замежжы пісьменнік вярнуўся ў Беларусь толькі дзеля таго, каб памерці ў сваім доме, на сваёй Радзіме.
Такім чынам, Радзіма для беларуса – гэта яго дом. Прычым, не толькі ў нейкім пераносным, алегарычна-вобразным сэнсе. У падсвядомасці нават сучасны беларус у межы панятку “Радзіма” ўкладае ў першую чаргу не этнічныя, гістарычныя і нават не дзяржаўныя межы, а менавіта межы матэр’яльнага аб’екту – жытла, дзе ён нарадзіўся і ўзрос. Яго дом – яго Радзіма ў першасным, прамым сэнсе. Радзіма як хата, хата як Радзіма – сімвалы эзатэрычнага быцця беларуса, сінонімы дзвюх сакрамэнтальных формул: “Я тут” (падкрэслівае месцазнаходжанне) і “Я ёсць” (падкрэслівае факт нараджэння, жыцця, аб’ектыунага існавання).
Аднак разам з тым, калі разважаць пра сэнс, які ўкладае беларус у панятак “Радзіма”, то яе атаясамленне толькі з нечым цалкам матэр’яльным (хатай, домам) было б прынамсі няпоўным. Як бы гэта парадаксальна ні гучала, але беларус атаясамлівае Радзіму яшчэ і з… вобразам смерці.
Адзін мой знаёмы ўкраінскі этнограф, паездзіўшы колькі месяцаў па беларускіх вёсках, зрабіў выснову, што беларусы – гэта нацыя некрамантаў. Культ продкаў ў беларускім фальклёры, бадай, самы значны, і менавіта таму ён да гэтага часу захаваўся ў сваім, амаль, першапачатковым выглядзе. Беларусы дагэтуль адзначаюць “Дзяды” і, ў некаторых рэгіёнах, гэтаксама стаўраўскія “Грамніцы”. Адсюль, дарэчы, бярэ свае пачаткі філасофія стыхійнага фаталізму ў беларускай самасвядомасці. Беларусы ва ўсе часы вельмі спакойна адносіліся да асабістай смерці.
Традыцыя браць з сабою, нават у самае недалёкае падарожжа, жменьку попелу з печы і жменьку зямлі з магілы продка і дагэтуль існуе ў некаторых мясцовасцях Беларусі. Падобна да індзейцаў племені сіў, беларусы заўсёды носяць сваю Радзіму ці хаця б яе сімвалічную частку, так бы мовіць, “з сабою”. З практычнага боку, дадзеная традыцыя аберагала падарожніка ад смерці на чужыне, дакладней, не ад самой смерці, а менавіта ад смерці “на чужыне”. Апошняе лічылася надта “непрыстойным”, бо ў павер’ях старажытных беларусаў чалавек павінен паміраць менавіта там, дзе ён нарадзіўся, і быць пахаваным разам з астатнімі родзічамі, інакш яго душа не зможа знайсці спакою. Спакой прыходзіць толькі на Радзіме. А ў ідэале, куды б ні закінуў чалавека лёс, згодна з гэтай традыцыяй, ён заўжды будзе знаходзіцца “на Радзіме”, незалежна ад геаграфіі і этнічнай тэрыторыі месцазнаходжання яго ў той ці іншы момант. Радзіма заўсёды будзе разам з ім, ў яго сэрцы.
Такім чынам, сам факт усведамлення непарыўнасці повязі чалавека з яго Домам-Радзімай праходзіць не толькі праз усё жыццё беларуса, але гэтаксама працягваецца нават пасля яго фізічнай смерці. У беларускай мове сінонім тэрміну “труна” ў некаторых крыніцах падаецца як “дамавіна”. Этымалагічнае значэнне гэтага слова паходзіць ад “дом”, месца сталага жыхарства. Атрымліваецца, што паводле сакральнага беларускага светагляду труна ў нейкім сімвалічным ужытку можа атаясамлівацца з домам для памёрлых. А калі “Дом”, то чаму не “Радзіма”, калі ўжо мы вызначылі, што для беларуса гэтыя паняцці тоесныя? Нейкі “новы дом” і нейкая “новая”, трансцендэнтная Радзіма для душы беларуса ў іншым вымярэнні. Але, мабыць, пакінем гэтае пытанне прафесійным навукоўцам.
“П.С.Х.” – Пільнуй свае хаты!
На заканчэнне хацеў бы сказаць чытачу некалькі слоў пра пісьменніка, якога я нядаўна адкрыў для себе – Леапольда Радзевіча. Драматург двойчы апальны. Пры Юзафе Пілсудзкім яго небеспаспяхова ганялі палякі, пры Саветах – расстралялі. Назва аднаго з твораў Радзевіча гучыць як абрэвіятура – “П.С.Х.”. Расшыфроўваецца яна як “Пільнуй свае хаты!”. Па сюжэце “П.С.Х.”, маладыя беларусы, муж і жонка, расчараваўшыся ў камуністах, мараць аб стварэнні беларускай партыі, такой, у якую ўступіў бы кожны беларус. Галоўнай ідэалагемай-месседжам і назвай гэтай партыі павінны стаць вышейназваны лёзунг “Пільнуй свае хаты!”.
У нашым варыянце, пераносячы гэты заклік на сучаснасць, ён можа гучаць як “Сцеражыце сваю Радзіму!” менавіта як сваю уласнасць. Заклік, першасна сфармуляваны ідэалагемаю абароны прыватнай уласнасці беларуса, перажыўшы свой час, трансфармаваўся ў заклік да абароны катэгорый цалкам нематэр’яльных: права ірацыянальнага ўспрымання Радзімы, свабоды, культурнай спадчыны, маральных каштоўнасцяў, душы і .г.д.
Дадзены лозунг актуальны для нас асабліва ў цяперашні час… Таму, сцеражыце свой дом, сям’ю, розум, сэрдца, душу, бо менавіта ў ёй знаходзіцца Радзіма… Сцеражыце сябе і адзін аднаго.

Комментариев нет:

Отправить комментарий