Поиск по этому блогу

пятница, 8 мая 2015 г.

Дзень Перамогі ў “перазагрузцы” дзяржаўнай ідэалогіі



У мяне вельмі неадназначнае стаўленне да такога дзяржаўнага свята РБ як Дзень Перамогі. Ні ў якім разе не прыніжаючы яго гістарычнага значэння як для Беларусі так і для Еўропы, асабіста для мяне больш цікавым з’яўляецца пытанне, які сэнс закладзены ў ледзь не “рытуальных” вайсковых парадах, віншавальных прамовах, традыцыйных салютах пад “франтавыя” сто грамаў ці то амаль сакральных “паломніцтвах” па месцах “баявой славы”? Што ўсё гэта сымбалізуе для нас, сённяшніх грамадзян Рэспублікі Беларусь, а не нейкіх незразумелых нашчадкаў былога БССР?
Для тых, хто будзь у якім сведамым узросце памятае жыццё пры савецкім ладзе, мабыць ня трэба пытацца з чым у яго асацыююцца “саўковыя” святы. Асабіста мне, чамусь успамінаецца дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, які з неймавернай помпаю ды размахам адзначаўся на прасторах усяго былога сацыялістычнага лагеру. Гэтаксама, успамінаецца і “дзядуля Ленін” як вечны “сябра ўсіх дзяцей”. Прынасі, ў такім вобразе ён падаваўся маёй дзіцячай свядомасці.
Тым ня меньш, на сённяшні дзень ад гэтых ідэалагічна “правільных” баек засталіся адное што ўспаміны і асобы ды падзеі тых “рэвалюцыйных гадоў”, зараз успрымаюцца мною ледзь не ў самым негатыўным святле. Часы камуністычнай ідэалогіі на дзяржаўным узроўні мінулі, былі зроблены сякія-такія спробы перагляду адносін да тых “гераічных” падзей і асоб ужо не з пазыцый ідэалогіі, але суворых фактаў гістарычнай навукі і ў нашыя дні, мяркую што амаль ніхто з сярэднестатыстычных вучняў малодшых класаў не ўзгадае аб тым, нават калі праводзіць адмысловае апытанне.
Аднак, нягледзячы на змену ідэалогій і яе сымбаляў, такое свята як Дзень Перамогі “перажыло” большасць тых, хто “этот день мы приближали как могли”. Штопраўда, ўжо ў сваім “новым гучанні” ды пры новых “гаспадарах” – ідэолагах. Маю на ўвазе, што захаваўшы свае вонкавыя адметнасці і ідэалагічныя функцыі, гэтае свята ў Рэспубліцы Беларусь зараз паклікана несці ў сабе зусім іншы сэнсавы змест. Але больш за ўсё цікава, як мы і нашыя нашчадкі, будзем успрымаць дзень 9 траўня праз дваццаць, трыццаць, а можа і сорак год?

Гісторыя як “служка” ідэалогіі?

Неяк пад час вучобы ва ўніверсітэце, мая настаўніца філасофіі ахарактэрызавала стан гэтай навукі ў сярэдневеччы як “служку” рэлігіі. Нешта падобнае зараз можна сказаць і пра гісторыю Беларусі, якая, на сённяшні момант знаходзіцца ў стане падначаленага “сатэліту” дзяржаўнай ідэалогіі. Калі небудзь звярталі ўвагу, якія гістарычныя падзеі, найчасцей становяцца нацыянальнымі ці дзяржаўнымі святамі альбо нават “выходным днём”? Калі адкінуць рэлігійныя ды традыцыйна-нейтральныя даты (такія як, скажам, Новы год), то па меньшай меры, можна казаць як мінімум аб трох асноўных ідэалагічна афарбаваных сэнсавых “накірунках” вышэйназваных святаў.
Па першае, гэта даты звязаныя з нейкімі гераічнымі падзеямі ў гісторыі таго, ці іншага народу – бітвы, перамогі ў войнах, удалыя баявыя аперацыі і г.д. Па другое, гэта даты, якія ўмоўна можна назваць “Днямі Памяці”, то бок, звязаныя з нейкімі трагічнымі падзеямі ці катастрофамі. Як прыклад тут можна прывесці трагедыю на Чарнобыльскай АЭС якую беларуская грамадзкасць узгадвае штогод “Чарнобыльскім шляхам”, ці то пачатак генацыду армян у 1913 г., альбо габрэяў у часы Другой сусветнай вайны. Ну і па трэцяе, гэта зразумела дзяржаватворчыя даты, такія вядомыя як Дзень незалежнасці ці то Дзень Канстытуцыі.
У гэтай сувязі, хацеў бы звярнуць увагу на тое, што нават мясцовыя Дні гораду ў Беларусі, неяк “дзіўна” супадаюць з датаю “освобождения города от немецко-фашистских захватчиков”, а не з днём надання таму ці іншаму населенаму пункту Магдэбургскага права, што было б цалкам лагічным. Не здагадваецеся, да чаго я вяду? Так, бо якая “героіка” можа быць у самым факце гарадзкой самастойнасці?
Такім чынам, ідэалагічную скіраванасць можна знайсці ледзь не ў кожнай гістарычнай падзеі ці даце, якую бярэ сабе “на шчыт” тая ці іншая ўлада ў той, ці іншай дзяржаве. Аднак, тут таксама ўзнікае пытанне, з якой мэтаю гэта робіцца?
Мяркую, шаноўнаму чытачу ня трэба тлумачыць, што асноўнай задачаю любой ідэалогіі, а тым больш, на дзяржаўным узроўні, з’яўляецца кансалідацыя максімальна магчымай колькасці людзей на аснове агульных памкненняў, прынцыпаў, агульных “правіл гульні”, агульных стэрыятыпаў і г.д. І не апошнюю ролю ў гэтым грае сымболіка, ў тым ліку і гістарычная. А калі так, то трэба знайсці менавіта тыя сымбалі, якія ў свядомасці масаў атаясамліваюцца з нечым інстынктыўна зразумелым, выклікаюць рэакцыю, падаюцца псіхалагічна “адназначным” ва ўспрыманні, тым самым, трансфармуючы “я”- свядомасць асобы ў калектыўную свядомасць – “мы”. А што да гэтага можа быць больш прыдатным, як не стварэнне ў масах ілюзіі лучнасці, еднасці ў спрычыненні да нечага велічнага, гераічнага альбо трагічнага, калі не для ўсіх, то для “прогрессивного большинства”?
Аднак, неўзабаве вернемся да нашай канкрэтыкі са святам Дню Перамогі.

“Прыхватызацыя” сэнсу Дню Перамогі?

На маю думку, Аляксандр Лукашэнка не проста так зацьвердзіў новыя “лагатыпы” - сымбалі да дню
70-годдзя падпісання акту аб капітуляцыі вермахту. Нягледзячы на шматлікія заляцання ды заявы аб тым, што маўляў, “мы – беларусы, з братняю руссю…” ці “Перамога належыць усяму савецкаму народу” , на практыцы, нават у змест такога сымбалю як свята 9-га траўня, кожны з “братоў” укладае свой сэнс. І тут, варта звярнуць увагу ўжо не на масавыя псіхалагічныя стэрыятыпы, а на практычныя палітычныя “бонусы”, якія прагнуць дасягнуць расейскія і беларускія палітыкі ды дыпламаты пад “соусам” святкавання Дню Перамогі.
Калі разглядаць практычнае значэнне гэтай даты для сённяшняй крамлёўскай палітычнай эліты ў кантэксце адбываючыхся палітычных (і не толькі палітычных) працэсаў, то, асноўны сэнс, “мэсседж” які яны транслююць ледзь не на ўвесь свет, можна сфармуляваць у простым выразе: “дайшлі да Берліну ў 45-м – можам паўтарыць!” (толькі адная спроба правядзення байк-прабегу чаго вартая). З іншага боку, візуальнай сымболікай як самога Дню Перамогі ў Расеі, так і ўсяго што звязана з “дедываевалі” з’яўляюцца менавіта “каларадзкія” спалучэнні колераў (язык не паварочваецца назваць іх Георгіеўскімі) вынікаючыя з ордэнскай “гвардзейскай” стужкі. Прычым, спробы распаўсюду іх на тэрыторыях краін постсавецкай прасторы, носяць ужо зусім іншы, афіцыйна прыхаваны, аднак, на падсвядомым узроўні зразумелы для абывальніка сэнс – маўляў, Перамога належыць у першую чаргу савецкаму народу і гэты сымбаль паядноўвае ўсіх іх нашчадкаў, незалежна ад грамадзянства. То бок, у гэтым разуменні, становяцца цалкам відавочнымі і імперскія амбіцыі, і самая сутнасць існуючай палітыкі расейскіх колаў улады ў адносінах да краін былога СССР.
І вось тут выяўляецца вельмі цікавая акалічнасць. Беларускі дыктатар, адчываючы небяспеку пагрозы яго ўладзе на падсвядомым, інстынктыўным узроўні, сведама адмаўляецца ад “каларадзка”- імперскіх колераў прапанаваных расейскім бокам у якасці адзінай сымболікі “яднання”, ды зацьвярджае ў гэтым афіцыйным  “статусе” яблынявую кветку з лентай колераў дзяржаўнага сцяга. Не здагадваецеся, што гэта значыць на дыпламатычнай “мове”? Так, маўляў, “мы самі – з вусамі!”, і ў нас будуць свае сымбалі Дню Перамогі а гэтаксама і сваё разуменне, асэнсаванне дадзенай падзеі ў нашым, беларускім ідэалагічным кантэксце. Да таго ж, вельмі паказальнымі на той жа дыпламатычнай “мове”, з’яўляюцца факты адмовы ад ўдзелу Лукашэнкі ў маскоўскіх святочных мерапрыемствах ды нават запрашэнне вайсковага аркестру Злучаных Штатаў на ўдзел ў менскім парадзе 9-га траўня. І ў гэтым, асабіста я, мабыць упершыню ўскосна пагаджуся з беларускім дыктатарам.
Вось так і атрымоўваецца, што быццам “ваявалі” разам, аднак, перамога ў кожнага “свая”.

Сымболіка ў кантэксце сэнсавай “перазагрузкі”

Апошнім часам па сеціве “блукае” даволі шмат розных жартаў адносна недарэчных сымбаляў расейскай прапаганды прымеркаваных да свята Дню Перамогі. І на мой погляд, гэтая “недарэчнасць”, у святле адбываючыхся падзей, набывае ўжо зусім іншы, бадай што супрацьлеглы зместавы сэнс. Маю на ўвазе, што калі да прыкладу браць тыя ж “ляпы” з выкарыстаннем на прапагандысцкіх білбардах не толькі амерыканскіх, але і нямецкіх жаўнераў, то “ў дзіўны спосаб”,  тым самым, шчэ раз сымбалічна падкрэсліваецца сутнасць крамлёўскай палітыкі. Скажам, чым адрозніваюцца пуцінскія “зялёныя чалавечкі” ў Крыму 2014 году, ад  гітлераўскіх войскаў ў Судэтах 1938-га?
Аднак, вернемся да сітуяцыі ў Беларусі. Як мне падаецца, нягледзячы на “сваю гульню” ў Дзень Перамогі з боку Аляксандра Лукашэнка, ідэалагічны змест гэтага свята і мерапрыемстваў да яго прымеркаваных, усе ж палягаюць у рэчышчы савецкіх стэрыятыпаў. Хаця б таму, што асэнсоўваючы падзеі Другой сусветнай, у еурапейскай масавай свядомасці яны ўспрымаюцца найперш як трагедыя, але не героіка. І дзень падпісання акту аб капітуляцыі гітлераўскай Германіяй у краінах Еўропы, адзначаецца не як Дзень Перамогі, а як Дзень аб’яднанай Еўропы, дый адзначаецца ён не 9-га, а 8-га траўня. Па сярэднееўрапейскім часе.
На пачатку артыкулу, я не выпадкова пісаў што стаўлюся да свята Дню Перамогі вельмі неадназначна. Мяркую, што не адзін я. На маю думку, падзеі любой вайны, зыходзячы з ідэалагічнага, а таксама ангажаванага гістарычнага пункту гледжання, будуць трактавацца як вельмі неадназначныя. То бок, зыходзячы з ідэалагічных прыярытэтаў, той ці іншай улады, палітычных, навуковых ці грамадзкіх асяродкаў і г.д., яны заўсёды будуць пераглядацца ды пераасэнсоўвацца адносна пануючых грамадзкіх настрояў. Напрыклад, калі ў беларускім кантэксце параўноўваць угодкі 9 траўня з угодкамі Бітвы пад Воршай 1514 году, то ў свядомасці масаў яны будуць успрымацца менавіта як “узаемазамяшчальныя” даты. Бо масам псіхалагічна неабходны героі ды гераічныя падзеі, якімі яны змогуць ганарыцца. І гэтым, будзе вельмі ўдала карыстацца любая з уладаў Беларусі ва ўсе часы, бо ў кожнай улады – свае прыярытэты і мэты адносна гэтых абывальніцкіх масаў.
Тым ня меньш, у кожнага народу ў кожнай дзяржаве існуюць гістарычныя даты “другога пляну”. Найчасцей, гэта нейкія культурныя дасягненні, здабыткі, якія ўсім грамадзтвам успрымаюцца ўжо адназначна як пазітыўныя. Без ідэалагічных канфрантацый. З адзіным сэнсам і зместам.
У Беларусі такімі святамі можа быць Дзень беларускай пісьменнасці, ўгодкі прыняцця Статуту 1588 году, які ў Еўропе лічыцца “Канстытуцыяй сярэдневечча” , ды нават Дзень ведаў нясуць у сабе пазітыўны змест, які ўспрымаецца адназначна як нацыянал-дэмакратычнаю часткаю грамадзтва, так і прыхільнікамі дзеючай улады. Бяда толькі ў тым, што на іх па просту не звяртаюць належнай увагі ні адныя ні другія, нягледзячы на тое, што менавіта яны могуць стаць агульнанацыянальнымі сымбалямі для ідэалагічна раз’яднанага беларускага народу… нам, як і ў часы “саўку”, больш даспадобы “героі” разбуральных войнаў, рэвалюцый ды паўстанняў, чым стваральнікі беларускай культуры і навукі. Так і жывем…

Аляксандр Ахмач

Комментариев нет:

Отправить комментарий