У апошні час
трохі корпаючыся па сацыяльных сетках ды форумах, спрачаючыся, дыскутуючы ці абмяркоўваючы
тое або іншае, у мяне складаецца нейкае няпэўнае ўражанне мяжуючае са
здзіўленнем ды разгубленасцю. Нібы нешта нябачнае, аднак, тым ня меньш
небяспечна-агіднае, прыкрае, цемрашальна-бязглуздае апаноўвае беларускую
існасць ды нацыянальную самасвядомасць падмяняючы першапачатковыя паняткі і
блытаючы Божы дар з мястэчкова-калгаснай “яечняй”. Зрэшты, на ўсё ёсць свае
прычыны, аднак, ці ж з’яўляецца тое падставаю, каб папросту не звяртаць на гэта
належнай увагі па прынцыпе: “хай сабе і сабачы сын, але – ён наш сабачы сын”?
Аб тым і хацелася б паразважаць.
У размове ці ў сеціве, абмяркоўваючы тэму Вялікага
Княства, я назнарок ужываю назву “Вільня” ды тэрміны “Летува” і “Летувісы” ў
дачыненні да сучаснай дзяржавы і яе жыхароў. Нават, нягледзячы на тое, на якой
мове ідзе размова ці спрэчка, тым самым, падкрэсліваючы сваё права называць
другую сталіцу ВКЛ у нашым, беларускім гучанні ды транскрыпцыі. І, ледзь не
адразу на мяне пачынаюць начэпвацца “ярлыкі”: маўляў, “свой чалавек”, “сапраўдны
ліцьвін” ці то, наадварот – “фашыст”, “нацик”, “недабиток”. Аднак, як бы тое
каму не падавалася, насамрэч я не з’яўляюся ні тым, ні іншым. Прынамсі, хаця б
таму, што трохі ведаючы гісторыю, не маю намеру быць ні “сваім”, ні “чужым” у
дадзеным, ідэалагічна ангажаваным кантэксце.
“ВільняНАШ?”
Мяркую, шаноўнаму чытачу ня трэба нагадваць мінулагоднюю
гістэрыю ў расейскім грамадзтве звязаную з анэксіяй Крыму. Так, маю на ўвазе
менавіта тыя “крымнашы”, крымрусскій” і г.д. І ў гэтай сувязі, на мой погляд
узнікае слушнае пытанне: а чым адрозніваюцца нашы сучасныя прыхільнікі “Вялікай
Літвы беларускай нацыі” ад тых самых “крымнашаў”?
Спрэчкі наконт того, продкі якого народу гістарычна
з’яўляліся “бацькамі” Вялікага княства насамрэч цягнуцца даўно. І, на маю
думку, бадай што самым яскравым прыкладам гэтага супрацьстаяння ледзь не на дзяржаўным
узроўні стаў прэцэдэнт з патрабаваннем летувіскіх навукоўцаў “вярнуць на
Радзіму” дзяржаўную метрыку ВКЛ. Што з гэтага атрымалася, таксама добра вядома –
з дзясяткаў тысяч архіўных дакумантаў, не знайшлося ніводнага напісанага на
мове продкаў летувісаў, жыхараў старажытнай Жамойціі. У прынцыпе, яно і
зразумела, бо моваю справаводзтва ВКЛ была менавіта старабеларуская мова. Але,
ці ж з’яўляецца тое падставаю каб, падобна маскоўскім імперцам, нешта трызніць
аб “ВільняНАШ!” ці то “ПагоняНАШ!”?
На маю думку, карані праблемы палягаюць далёка не ў
гістарычных варунках, а хутчэй у
асаблівасцях ментальна-псіхалагічных.
Хто ў нашай “хаце-галаве” гаспадар?
Здавалася б, праблема сама па сабе ня вартая і выядзенага
яйка, аднак, гэта толькі на першы погляд. Ледзь не самыя яскравыя чыннікі масавай
нацыянальнай дэградацыі выяўляюцца як раз праз псіхалагічныя асаблівасці
адзінак, якія, ў сваю чаргу і складаюць так званае сярэднестатыстычнае
“подавляющее большинство”. Зазвычай, гэта самая маргінальная, аморфная ды
люмпенізаваная частка, якую ў адпаведных колах прынята называць “гопнікамі”.
Тым ня меньш, менавіта яна і з’яўляецца сваеасаблівым індыкатарам, “лакмусаваю
паперчынай” маральна-інтэлектуальнага стану ўсяго грамадзтва.
Менавіта ў гэтым асяродку найчасцей усяго можна заўважыць
самыя рэакцыйныя, цемрашальныя ды нават чалавеканенавісніцкія “тыпажы” свядомасці,
з прэтэнзіяй на “истину в последней инстанции”. Вось як характэрызуе падобны
тып чалавечай істоты Юры Несцярэнка ў сваім публіцыстычным артыкуле
“Гнуснейшие”:
«Как бы
имперцы ни корчили из себя аристократов и джентльменов,
у них нет и не может быть никакого понятия о чести, ибо
имперство — это низость и подлость, возведенные в принцип,
лишенные всякой рефлексии, абсолютно уверенные в своем праве
и в своем превосходстве над теми, кто не подл
и не может набить имперцу морду. У гопника не может быть
чести, ибо честь возможна лишь там, где в основе — уважение
к личности, своей собственной и чужой, что ни с обычной
уличной бандой, ни с империей принципиально несовместимо…. Можно вспомнить и Фрейда
с его теорией, что к гигантизму стремятся те, кто комплексует
по поводу собственного маленького члена. Я совершенно
не разделяю пансексуализма Фрейда, но этот тезис можно
обобщить — к гигантизму и «величию» стремятся те, кто
чувствует собственное ничтожество».
І нашая Беларусь у гэтым плане, нажаль, далёка не выключэнне. Хоць і з некаторымі, так бы мовіць,“лакальнымі” асаблівасцямі “развіцця хваробы”.
І нашая Беларусь у гэтым плане, нажаль, далёка не выключэнне. Хоць і з некаторымі, так бы мовіць,“лакальнымі” асаблівасцямі “развіцця хваробы”.
Па маіх назіраннях, ледзь не самымі заўзятымі
папулістычнымі “імперцамі” ў беларускім грамадзтве з’яўляюцца як раз не
“ватнікі”, а нашыя “свядомыя нашчадкі шляхты” ці то “вялікалітоўскія
нацыяналісты”. Прынамсі, да іх яны самі сябе найчасцей адносяць. І вось тут
выяўляецца самае цікавае: аказваецца, ў беларускай “хаце-галаве” гаспадараць
далёка не беларускія стэрыятыпы.
Тутэйшыя:
«понять и простить» ці
“абняць і плакаць”?
Перыяды існавання нашага народу ў складзе Расейскай імперыі
ды СССР, не прайшлі для беларусаў без негатыўных наступстваў.
Нават нягледзячы на аб’ектыўныя фактары пачатку працэсаў фармавання
нацыі, развіцця мовы і літаратуры, здабытку “дзяржаўнасці” ў выглядзе БССР,
“беларусізацыі” і шмат чаго іншага, беларусы нібы падсвядома не адчувалі сябе гістарычна
самастойнымі, самадастатковымі, цалкам “дарослымі” на палітычнай мапе Еўропы. І
тое мне падаецца цалкам натуральным, бо знаходжанне нейкі працяглы час “пад
пільным вокам старэйшага брата”, ня толькі не спрыяе нацыянальнаму сталенню,
але наадварот, правакуе з’яўленню нейкага “нацыянальнага інфантылізму”, які мы
зараз можам назіраць ледзь не ва ўсіх праявах беларускага жыцця. Пачынаючы ад
дзяржаўнай палітыкі і канчаючы “прусакамі” ў галаве аднаго асобна ўзятага
змагара “за гістарычныя тэрыторыі”.
Гэта, дарэчы, вельмі ўдала прыкмеціў Янка Купала ў сваёй
п’есе “Тутэйшыя”. І калі разглядаць “тутэйшасць” не з пункту гледжаня мастацкага
слова, не як трапную мэтафару, а менавіта з падыходу “гэта – наша ўсё”, то
адразу ж становяцца відавочнымі і ўсе патаемныя “сымптомы” цяжкага “дыягназу”
пад назвай “імперыя па-беларуску”. Яно ж бо і зразумела – ніхто не жадае быць
“тутэйшым”, усе прагнуць “людзьмі звацца”, нібы дзіця якое заўсёды будзе
заўчасна хацець “стаць дарослым”. Нават, не надта зважаючы на аб’ектыўны стан
рэчаў.
Маю на ўвазе, што мары аб “былой велічы і магутнасці”,
“слаўных часах” насамрэч з’яўляецца нічым іншым як спробай падмяніць “брыдкую
сучаснасць” сваёй “тутэйшасці” на героіку мінулага, рамантызм сярэдневечча і
г.д. І вось гэтая, падсвядомая прага схавацца “пад коўдру” летуценняў, мрояў ды
ўсяляк пазбавіцца свайго “тут і зараз” і ёсць бадай што самай галоўнай
прыкметай беларускага “комплексу непаўнавартасці”. А адсюль – усе іншыя
рэакцыі, фобіі, жахі і забабоны нашага, так бы мовіць, “падлеткавага
максімалізму” на шляху нацыянальнага сталення.
З іншага боку, упартае непрыйманне рэчаіснасці, спробы атаясаміць
сябе са “слаўнымі дзядамі” а не з народам які ўжо больш за 20 год ніяк не можа
пазбавіцца дыктатуры ва ўласнай дзяржаве, правакуе з’яўленне адпаведнага стэрыятыпу
мыслення, свядомасці, адносін да іншых ды стылю паводзін ледзь не
брутальнейшага за “русский – значит лучший”. Бо, як вядома, “няма горшага пана
як з хама, а з дзярма – пірага”. Да таго ж, адным з тыповых адметнасцяў падобнага
комплексу з’яўляецца непрыйманне аніякай крытыкі ці іншага пункту гледжання па
прынцыпе: “хто не з намі – той супраць нас!”. А гэта ўжо – “дыягназ” і, шчыра
кажучы, ў мяне няма пэўнага адказу на пытанне як на тое адэкватна рэагаваць
здароваму чалавеку… “понять и простить” ці “абняць ды плакаць”?
Вільня? Вільно? Вільнюс?…
На маю думку, бадай што самым агідным і цалкам
шавіністычным момантам ува ўсёй гэтай беларуска-імперскай “свядомасці”, ёсць
устойлівае жаданне давесці сабе і іншым аб тым, што Вільня належыць менавіта
беларусам. І толькі беларусам. Нібы нейкая феадальная прыватнаўласніцкая
спадчына.Тут крыху засяродзімся.
Не так даўно я натрапіў на даволі грунтоўную працу Івана
Воранава “Вільня-Вільно-Вільнюс. Гісторыя аднаго горада”, дзе даследчык даволі
пераканаўча аналізуе ў тым ліку і этна-нацыянальны склад жыхароў другой сталіцы
ВКЛ па дадзеных перапісаў ад канца XIX да
пачатку XXI стагоддзя. Прынамсі, вось што ён піша аб сваіх навуковых
крыніцах і ўмовах у якіх яны складаліся:
“Як у Рэчы Паспалітай палякі мелі значныя прывілеі над
астатнімі жыхарамі гаспадарства, так і ў Вільні ў канцы дзевятнаццатага пачатку
дваццатага стагоддзя іх атрымоўвалі людзі тых нацыянальнасцяў, якія панавалі ў
дзяржавах, валодаючых Вільняй той канкрэтны адрэзак часу. У перапісах кожны з
уладароў намагаўся стварыць “сваю” нацыянальную большасць, каб потым з
дапамогай гэтых “дакумантаў” даказаць сваю правату”.
І нават нягледзячы на спробы аўтара давесці аб тым, што,
маўляў, беларусы складалі ў Вільні ледзь не этнічную большасць (40 – 60%), на маю
думку, ў вышэйзгаданым навуковец цалкам мае рацыю. Бо, пагадзіцеся, спалячаны
ці зрусіфікаваны беларус, гэта ўжо далёка не беларус ў сэнсе культурным. І
нешта даказваць яму аб тым – бессэнсоўна. Не адчуваеце, у гэтым кантэксце,
хітравата- “тутэйшую”, гіранічную, але, адначасова тужлівую ўсмешку Купалы?
Да таго ж, сп. Воранаў не дае пэўнага адказу на пытанне,
якія “этнічныя” суадносіны ў складзе жыхароў Вільні былі, скажам, ў XVI ці ў
XVII стагоддзях. Гэта цалкам натуральна, бо сталыя працэсы
фармавання нацый ва Ўсходняй Еўропе пачаліся толькі на пачатку пазамінулага
стагоддзя. Тады ж ўзнікла праблематыка нацыянальнага пытання, і да таго часу ў
правядзенні нейкіх “апытак” ці перапісаў па гэтаму стану не было патрэбы.
Здагадваецеся, да чаго я вяду?
На абшарах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і
Жамойцкага, не існавала падзялення па “нацыянальных прыкметах” як і не існавала
“нацменьшасцяў” ў сучасным разуменні гэтага слова. Усе насельнікі гэтай
дзяржавы лічыліся “ліцьвінамі”, то бок, паддадзенымі ВКЛ. І ўжыванне азначэнняў
“жмудзін”, “палачанін” ці то “рускі” было цалкам умоўным і адносілася да
тапанімічных назваў мясцовасцяў дзе жыў той, ці іншы ліцьвін, ці то такім чынам
падкрэслівала яго паходжанне.Тое ж самае тычыцца і Вільні, як сталіцы гэтай
дзяржавы.
Асабіста я абсалютна не ўяўляю сабе ў сярэдневечнай
Вільні нейкіх праблем ці спрэчак між “своими” і “понаехавшими” як у сучаснай
Маскве. Бо яна належыла ліцьвінам. Не беларусам, летувісам, палякам ці то чорту
лысаму, а менавіта – ліцьвінам, агульным продкам беларусаў, летувісаў,
ўкраінцаў, а гэтаксама продкам шматлікіх сучасных габрэяў, палякаў ды расейцаў.
І мабыць менавіта дзякуючы гэтай мультыкультурнасці, сталіца ВКЛ лічылася адным
з найбуйнейшых сярэдневечных “мегаполісаў” тагачаснай Еўропы.
Паміж імперыяй і цывілізацыяй
Дык якой уяўляецца Вільня ў свядомасці беларусаў? Хаця, ў
дадзеным сэнсе, было б больш трапна ўжыць пытанне “чым?” гэты горад уяўляецца
ды з’яўляецца для нашага стэрыятыпу гістарычнай памяці, а разам з ёю і
сучаснасці? Жывым напамінам аб страчаных пластах мінуўшчыны, якая ўжо быццам
“ня наша”, ці то наадварот, відавочным сведчаннем аб прыналежнасці беларусаў да
народаў Еўропы? Культурным помнікам нашым продкам, ці то аб’ектам патаемных мараў
аб “вільнянаш” у будучым часе? Месцам на мапе, горадам таннага шопінгу, бліжэйшым
замежжам ці то чымсці больш важкім… чымсці, што да гэтага моманту так і застаецца
неасэнсаваным, быццам белая пляма на тле нашага нацыянальнага светаўспрымання?
Для мяне, Вільня як была так і дагэтуль застаецца найперш
– сталіцай. Аднак не толькі сталіцай дзяржавы пайшоўшай у нябыт. Гэты горад
можна атаясаміць з нейкай культурнай “Меккай” для ўсіх нашчадкаў былога ВКЛ, нечым
падобным, чым з’яўляецца Мекка для ўсяго мусульманскага свету, мусульманскай
цывілізацыі. Сымбалем, які яднае, а не раз’ядноўвае.
У XX-м стагоддзі краіны Еўропы адмовіліся ад імперскіх
закідаў. Першая, а затым і Другая сусветныя войны, разам са стратамі прынеслі і
ўсведамленне таго, што ў “барацьбе за жыццёвую прастору” ці то за нейкія
палітычныя амбіцыі няма пераможцаў, але “пераможанымі” насамрэч будуць абодзьва
бакі. І гэтае ўсведамленне стала ўвайшоўшы ў ментальнасць народаў Еўропы, выявілася
бадай што галоўнай агульнай прыкметай, каштоўнасцю, маральнай аксіёмаю, камянём,
з якога і распачалася “будоўля” новай агульнаеўрапейскай цывілізацыі.
Вышэй, я нездарма параўнаў еўрапейскую Вільню з арабскай
Меккай. Бо мабыць кожны мусульманін, незалежна ад краіны нараджэння, хаця б раз
у жыцці здзейсніўшы хадж, святарнае паломніцтва ў Мекку, можа з упэўненасцю
заявіць аб тым, што гэты горад – належыць у тым ліку і яму, роўна, як і кожнаму
яго адзінаверцу. Яны сапраўды маюць права казаць: “Мекка – наша!”, агульная для
кожнага прыхільніка вучэння Магамета. І ў гэтым, і толькі ў гэтым сэнсе мы
можам сказаць што Вільня – наша. То бок, належыць еўрапейскай цывілізацыі да
якой можна аднесці і Беларусь… а гэтаксама, спадзяюся, што і нас з вамі.
Аляксандр Ахмач
Очень тяжело читать белым по чёрному. Статья хорошая. Спасибо автору. Но я никак не могу понять, как такая нация, которая рулила, пусть не очень долго, и славой себя покрыла отказалась от языка и полностью легла под Московию. Ну, никак не могу это осознать.
ОтветитьУдалить