Поиск по этому блогу

воскресенье, 30 августа 2015 г.

Алесь Чаркашын. Сэрца на алтары Свабоды



Толькі ўчора даведаўся… хаця, мог і ўвогуле даведацца значна пазней, бо па выходных амаль не сачу за навінамі. Зразумела, бачыў на сайтах сціслыя паведамленні аб тым, што ў зоне АТА быў цяжка паранены беларус з псэўдаю “Тарас”. А потым, - аб тым што ён памёр. Але, я проста не мог уявіць… і, зрэшты, не зусім магу ўявіць тое дагэтуль. Мы не былі сябрамі і нават, добрымі знаёмымі. Хутчэй – “старымі” знаёмымі, бо ведалі адзін аднаго з юнацтва. А менавіта, з маіх 16 год (здаецца, Алесь быў на год мяне старэйшы).
Нашыя жыццёвыя шляхі не так ужо моцна перасякаліся апошнія год 10, таму, не магу дакладна сказаць чым ён “дыхаў” апошні час, аб чым думаў ці марыў. На гэта лепш адкажуць тыя, хто быў з ім побач ва ўзгаданым прамежку часу. Знаёмства з Алесем зараз мне нагадвае нейкую пункцірную хвалю, дзе прабелы з кожным годам рабіліся ўсё даўжэйшымі. І ўсё ж, я добра памятаю нашае юнацтва і “зялёную” маладосць. Яго маладосць… і вельмі хацеў бы, каб менавіта такім ён і застаўся ў Сусвеце нашай агульнай беларускай памяці.
Мы пазнаёміліся на світанні юнацтва, напрыканцы 90-х, ва атачэнні такіх жа падлеткаў якія захапляліся “цяжкай” музыкай, шукалі сэнсы жыцця, як нам здавалася, раз-пораз кідаючы “выклікі” грамадзтву. У Берасьці тая тусоўка звалася “Зялёнкаю” (збіралася часамі па 100-120 маладзёнаў адначасова, што, для абласнога цэнтру на тыя часы “ваяўнічага максімалізму” было не так і замала) і мабыць, не кожны ведае, што ў Алеся на той час былі вельмі доўгія валасы, якія гайдаліся ў яго ледзь не па самае “німагу”. Гэта ўжо потым, калі былі разам з ім чальцамі адной з нацыяналістычных арганізацый з вайсковым ухілам, жывучы ў Менску напярэдадні чарговага “Маршу Свабоды”, ён атрымаў загад пастрыгчыся. Загады не абмяркоўваліся, таму парушылі з ім у цырульню, з той мэтаю, каб патрапіць менавіта ў такую дзе прымалі валасы за грошы (існавалі ў “спартанскіх” умовах, і грошыкаў ніколі не хапала). Аднак, наколькі памятаю, з гэтага нічога не атрымалася.
А тады… першае ўражанне – звычайны “нефер” з мікрараёну. Нічога асаблівага. Выпіць – так, але паразмаўляць… неяк усё не атрымоўвалася. У той час, я быў сябрам “Маладога Фронту” аб чым ведала ледзь не ўся тусоўка, а Алесь цікавіўся ўсім што было, так бы мовіць, “пад забаронаю”. І вось, неяк Алесь звярнуўся да мяне менавіта “па гэтай тэме”… памятаю, нейкую сваю падазронасць, бо ён тады хацеў ведаць дэталі, а я папросту не разглядзеў ў яго вачах шчырую цікавасць. І вось ужо не ведаю, ці то я яго прывёў у “спартова-патрыятычную
арганізацыю”, бо мэтоды мясцовага кіраўніцтва “МФ” мне падаваліся занадта “лагоднымі” і душа маладзёнаў патрабавала экстрыму, ці то ён яе знайшоў сам… аднак, менавіта ў ёй мы сталі з Алесем  пабрацімамі. Тады ён узяў сабе псэўду “Смерч”.
Далей – шматлікія “вышкалы” (трэнероўкі ў палявых умовах), харч з аднаго казана, вогнішча, песні да адбою (Алесь, дарэчы, акрамя таго што не толькі займаўся, але і вывучаў ўсходнія адзінаборствы, яшчэ і файна граў на гітары). Жыцце пад адным дахам на кансператыўных кватэрах, выконванне “дробных абавязкаў беларускага нацыяналіста” па начных гарадах Беларусі, пасменнае суткавае тыражаванне  відэакасэт з запісамі “непажаданай” дакументалістыкі і музыкі… нават ахова ад правакацый адной з рэдакцый незалежных газэт (магчыма, нават “Нашай Нівы”, ўжо не ўзгадаю дакладна) на пачатку 2000-х… усяго хапала.
Памятаю, неяк закінуў лёс на футбольны “Кубак Свабоды” што праходзіў пад Барысавам, і Алесь адразу ж зрабіўся форвардам нашай каманды (бо астатнія разбіраліся ў тактыцы футболу бы свіння ў марцэпанах), так як ведаў, куды каго паставіць, калі рабіць “націск”, а дзе гуляць у абарону. Тады яшчэ падумаў: “няўжо ён разбіраецца ва ўсіх відах спорту?”.
Аднак, неўзабаве мяне паклікала вучоба. І ў першыню нашыя шляхі разыйшліся на гады. Зразумела, час ад часу бачыліся, нават пад келіх піва, але… гэта ўжо было “не тое”.
Наступным разам, “доўгатэрміновая” сустрэча адбылася ў вельмі нечаканых для мяне варунках на той час. Яна адбылася на маладзёвым хрысціянскім летніку. Тым больш нечакана было бачыць там Алеся, бо ён у маладосці даволі сур’ёзна цікавіўся акультызмам і містыкай. Аднак, як высветлілася, на той час Алесь ўжо каля году наведваў адную і тую ж баптысцкую царкву, якую наведвае і мая маці. А праз нейкі час ён запрасіў мяне на сваё воднае хрышчэнне. Я ня ведаў навошта тое было яму патрэбна, але толькі праз некаторы час усвядоміў – чалавек знайшоў самога сябе, свой шлях. А магчыма, і нешта нашмат большае ў жыцці.
Пасля снежаньскіх падзей 2010 году, мяне зноў ахінула грамадзка-палітычная дзейнасць. Але і тут не абыйшлося без стасункаў з Алесем. У гэты перыяд, найперш успамінаецца ў сувязі з падзеямі “маўклівых серад” у Берасьці, адным з каардынатараў якіх быў менавіта ён. Неаднаразова затрымліваўся і нават атрымліваў “суткі”.Тым ня меньш, самым яскравым успамінам звязаным з постаццю Аляксандра ў той час, быў канец снежня 2011 году. Вось што я пісаў аб ім на сайце кампаніі “Гавары праўду”, з якой тады супрацоўнічаў.
Вот уже несколько дней участковый инспектор, прокуратура и сотрудники КГБ разыскивают брестского городского координатора БХД и администратора группы РЧСС Алеся Черкашина за призыв в интернете выйти на центральную Ёлку города для совместного празднования Нового Года. Во время акции планируется, что под выступление АГЛ люди будут скандировать «Сыходзь!», а под бой курантов – «ШОС».
Так как представителям власти не представляется возможным найти самого Алеся, они продолжают запугивать и оказывать давление на его родителей. На протяжении многих дней им поступают звонки на телефоны, неприятные визиты домой и на работу. Вот как комментирует ситуацию сам Алесь, с которым мне удалось выйти на связь буквально несколько минут назад:
– Вчера днём мою маму вызвали на работу, где её ждали директор и два сотрудника КГБ. Её допрашивали более двух часов, рассказывали о том, что я готовлю теракт на новогоднюю ночь, что меня ждёт такая же участь, как Коновалова и Ковалёва. Они угрожали уволить её с работы, показывали распечатки из интернета с моей фотографией и всячески пытались узнать о моём местонахождении. Мир не без добрых людей даже среди сотрудников «органов», поэтому я об этом узнал ещё до того, как моя мама дошла домой, с ней я, к сожалению, ещё не виделся и об её состоянии мне ничего не известно. Могу сказать только, что они работают по накатанной совковой системе, ничего нового – шантаж, ультиматум, угрозы и запугивание, расправа силой и т.д. Добавлю, что КГБ сегодня во многом уступают своим коллегам, работают небрежно, нагло и чувствуют себя при этом героями. Предугадать их действия не является проблемой. В Беларуси начались аресты, это меня не удивляет, БЕСПРЕДЕЛ продолжается, а акции состоятся, т.к. организаторами являются не конкретные личности, но сами граждане”. (http://zapraudu.info/kgb-okazyvaet-davlenie-na-semyu-alesya-cherkashina/).
Апошняя сустрэча з Алесем адбылася за некалькі тыдняў да мінулагодніх угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Ён неяк патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца. Сустракаліся ўвечары ў адной з кавярань. Пасля агульнапрынятых “як справы-чым займаесся”, ён перайшоў да сутнасці. А ў прыватнасці, хітравата пасміхнуўшыся (была ў яго такая звычка) прапанаваў “страсянуць сівінамі” ды паехаць на чатырохдзённы вышкал і такім чынам адзначыць Дзень Слуцкага паўстання 1920 году. Чамусь запытаўся пра тое, ці ўсё ў мяне ў парадку з пашпартам, і па гэтаму пытанню было зразумелым, што тое мерапрыемства будзе праходзіць па за межамі Беларусі. Найхутчэй за ўсё – ва Украіне, бо ведаў, што Алесь навучаецца ў нейкай украінскай тэалагічнай установе, а таму, мае кантакты з мясцовымі нацыяналістамі.
Тым ня меньш, патрапіць туды не здолеў, бо менавіта ў гэты час цягнулася мая адміністратыўная справа за ўдзел ў міжнароднай акцыі “Russian army go home” па якой мне “шылі” артыкул 23.34 КААП РБ, і менавіта на гэтыя дні было прызначана чарговае слуханне.
З таго часу мы асабіста больш не бачыліся. Зразумела, раз-пораз ён нешта выкладаў ў сацыяльных сетках, недзе ставіў “падабайкі” ці рабіў рэпосты. Нячаста, але, ўсё ж прысутнічаў ў скайпе. Складалася такое ўражанне, што ён тут, недзе ў Берасьці ці, прынамсі, ў Беларусі (хаця, хадзілі чуткі што ён з’яжджаў “на заробкі ў Расею”, але, тое мне чамусь падаецца адной з канспіратыўных “легенд”, каб не вельмі прыцягваць увагу грамадзтва і спецслужбаў доўгай адсутнасцю). Магчыма, менавіта таму, асабіста для мяне яго смерць у зона АТА стала поўнай нечаканасцю ў якую складана паверыць…
Ня ведаю, аднак, складаецца такое ўражанне, што Алесь як асоба, хутка забудзецца беларускім грамадзтвам. Само сабою, яго будуць памятаць родныя, блізкія яму людзі ці нават, нейкі час, проста тыя, хто быў з ім прыватна знаёмы. Для астатніх ён – сымбаль. Безасабісты сымбаль нейкага ідэалістычнага гераізму, ахвярнасці, зрэшты, проста вобразам, з усім тым, што на яго захочуць начапіць каб выкарыстаць у сваіх мэтах, аднак… наўрад ці доўга яго будуць памятаць такім, якім ён быў на самой справе. Як чалавека са сваім жыццёвым лёсам, эмоцыямі, пошукамі, асабістай біяграфіяй у рэшце рэшт… у гісторыі і памяці масаў ён будзе адным са многіх… проста, яшчэ адным сэрцам на алтары Свабоды.

Аляксандр Ахмач

Комментариев нет:

Отправить комментарий