Поиск по этому блогу

вторник, 27 марта 2018 г.

25 Cакавіка. Прывітанне з “нашай шчаслівай” будучыні

Едучы ў Менск, мяне дагэтуль яшчэ не пакідае нейкае пачуццё пабытовай незадаволенасці. Ну як так? Нельга запомніць адзін гук? Няўжо самім ня рэжа вуха тое недарэчнае “і-і-і-і!!!”?! “Мне, калі ласка, квіток да Мі-і-і-і-нску!”… “Людцы, бачыце, я ў Мі-і-і-і-нск, у модны клю-у-уб еду!”… халера! І ахвота з такім калгасна-дыктатарскім вымаўленнем, амаль гадзіну з Берасьця ў той “Мі-і-і-і-нск” перціся? Каб сустрэцца з сябрамі? Як ты шчэ з такім вымаўленнем тых сяброў у сталіцы знайшла, мне цікава? Мала табе галаграфічнага інтэрнэту? Зараз моладзь па ім не толькі піва п’е ў любых віртуальных пабах свету, але і сэксам займаецца (ды кажуць, што нехта нават здолеў стварыць дадатак каб можна было б рэальна зацяжарыць!)… але, зрэшты, хрэн з імі… шчэ не адзін год тое архаічна-аўтарытарнае вымаўленне выкараняць. Адная справа, што гіпнатычным уздзеяннем за пяць хвілін тое можна вытравіць з лексікі, і добра што гэта апошнім часам шырока практыкуецца разам з нехарактэрнымі мове акцэнтамі, але  што са свядомасцю рабіць?
Хуткі магнітаплан унутранага злучэння  “Берасьце-Менск”, прыбудзе на адзінаццаты пуць, да пятай плятформы… -- ледзь разборліва чуецца за вакном скрозь свіст ветру.
Во! Ці вось гэта! Ну які ў мове можа быць “пуць”? Няўжо адпаведніку добрага знайсці не маглі?...

I

- Ты ўжо мабыць каўтнуў? – недаверліва пытаецца жонка, зашпільваючы сына на ўсе гузікі.
- Пакуль толькі сёрбнуў, але шчэ не каўтнуў – спрабую аджартавацца, зрабіўшы ў вачах задаволены “смайлік”, але захоўваючы пры гэтым цалкам цьвярозы выраз твару.
- Добра, што хоць не збрэхаў…
Мабыць, аджартавацца не атрымалася.
Усім вядомая менская “падземка”, як заўсёды жыла сваім жыццём, нібы лакальны варыянт мінойскага Лабірынту, кругласуткава ды ў кожную пару году прымаючы тысячы тутэйшых і турыстычных “ахвяр” з усіх бакоў краіны ды свету. Зразумела, не Нью –Ёрк, але ўжо і не парыжскія ці старажытнарымскія катакомбы. Хаця,… калі б, замест тых незлічоных шапікаў ды кавярань, перанесці сюды цвінтар Айцоў Беларускай Дэмакратыі, было б,… як гэта? “Аў-тэн-тыч-ненька!”… ўяўляеце, такое сабе, мясцовае “цуда свету” па аналогіі з Галікарнаскім маўзалеем…
--Ну што ты стаіш як той клух, ці ня ведаешь што дзіцёнак эскалатару баіцца?! Вазьмі на рукі!!! – прагучала над самым вухам.
-- Вітаўт, ты ж ужо амаль дарослы,… памятаешь, я чытаў табе пра Гервасія Выліваху? Як ён плыў на Ладдзі Роспачы да…
-- Ну што ж ты за доўбня такая! – сонцагаловая жанчына падхапіла вагаючагася сына на рукі ды рашуча ступіла на прыступку з’яжджаючага ўніз трапу – Ня бойся, гэта ўсяго толькі эскалатар…
Шлях ва ўладанні менскага Танатасу, дакладна як і ў антычных паданнях, быў пакладзены жанчынай. Спускаюся поруч, адчуваючы такі па-вясноваму лёгкі, казытліва-ўзбуджаючы пах валасоў свайго асабістага “Цэрберу”.

II

Сёння свята. Этымалагічна паходзіць ад слова “святое” (у параўнанні, скажам, з тым жа “праздником”, які ад «праздности»), аднак, навокал не адчуваецца нейкага сакральнага імпэту, унутранага руху, значнасці падзеі. Звычайнае дзяржаўнае свята, якое так і не стала па-сапраўднаму сямейным, хатнім, бы габрэйская традыцыя на Вялікдзень-Песах. Адзінае што нагадвае ранейшае ўспрыманне рэчаіснасці, гэта нейкі несамавіты птушыны гоман, цвірцячы як тады… шмат год таму, у 2018-м…
Нешматлікая моладзь у Парку імя Багдановіча (былы Парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў), пасеўшы купкамі наўпрост на ўжо цалкам сухую, прагрэтую вясновым сонцам зямлю, займалася сваімі справамі ў наварочаных “дэвайсах”. Як раней казалі – “тусавалася”. Толькі адзін, нейкі чорнаскуры беларус (ну, не ўсім жа быць блакітнавокімі бландынамі!), спявае пра “Тры чарапахі”, не надта ўсведамляючы сабе што такое “камунальныя пахі” ды як так можа стацца, “калі жыццё цябе возьме ў пятлю”… не кажучы ўжо аб тым, хто такі невядомы Ленін. Свята, мля…
Ты куды глядзіш, недарэчнасць ты хадзячая! Чуеш, што табе кажуць? Ты дзе лётаешь?
Думаю…
Думае ён! Узгадвае! А тое што дзіцёнак у прыбіральню хоча, гэтага ён не бачыць, пра тое аніяк не думае! Сядзі ўжо на дупе роўна, калі ты такі “твор” Радэна… сама з ім пайду.
Ну вось і добра. А я пакуль… гэ, вы ж не ведаеце!
Пляшка “Шрёдынгера”.  Ёсць у мяне такая, на трыста “ўмоўных адзінак” алкаголю. Чаму Шрёдынгера? А таму, што яшчэ з “дарэвалюцыйных” часоў ніяк не магу ўцяміць, яна напалову поўная, ці напалову парожняя? Ось, па аналогіі з тым разумовым эксперыментам, невядома, ці “жывая” там вадкасць, ці то – “мёртвая”. Але, тое напэўна залежыць ад стану асобы… хутчэй яна “жывая” ці то хутчэй “мёртвая”… а можа, і тое і другое ў адной “пляшцы”? Але, як такое можа быць?...
Дзе Вітаўт? – пытаюся ў свайго набліжаючагася  “нябёснага ззяння”.
На 3-D страйкбол папрасіўся, хай цешыцца. У нас у Берасці такога шчэ няма… Давай пакурым, покуль малы не бачыць…
Папалім…
От жа ж варкіла! Ты да слупа прычэпішся, калі яго “столбом” назавуць! – з нечаканай усмешкаю адказвае жонка, запальваючы цыгарэту.
Зрэшты, “паліць”, таксама паланізм, але…
“Ой, фсё”! Зачыніся з адваротнага боку, нудота… лепш прыгадай якія мерапрыемствы зараз у горадзе з нагоды “дзяржаўнага свята”, каб малому цікава было…
Ды якія хочаш. Праз гадзіну пачнецца тэатралізаваная пастаноўка першага “Маршу Свабоды”: збор на Плошчы Якуба Коласа і шэсце па прашпекце Францішка Скарыны да плошчы Незалежнасці. Хаця, ў рэчаіснасці, тады людзі праз Акадэмію Навук пайшлі на Бангалор. Я, шчыра кажучы, не вельмі разумею, пры чым тут угодкі першага “Маршу Свабоды” да сённяшняга свята 25 Сакавіка, тым больш, што ён праходзіў увосень… Тамака ўвечары таксама будзе святочны рок-канцэрт… толькі гэта…
???
Мне тут Уладзь тэлефанаваў, хацеў бы сустрэцца…
От зараз я ўжо клух! Думала, чаго ён мкнецца ў той Менск? Можа дзіцёнку хоча пра гісторыю барацьбы расказаць, паказаць як тое адбывалася… а яму абы зенькі з сябрамі-апойцамі заліць, каб яны ляснуліся! Ведаешь што?...
Ды мне па справе трэба ўбачыцца… дамовіліся ўжо… ну, Сонейка…
У неймаверна- містычнай цішы парку, пад доўгімі ценямі кудлатых дрэў, наспевала нешта неверагоднае. Сусвет нібы чакаў нейкага лёсавызначальнага імгнення ў адным асобна ўзятым месцы і асобна ўзяты час. У непрадказальных адносінах адной асобна ўзятай непрадказальнай сям’і, дзе, праўду кажуць, часам і сам чорт рогі зломіць… не кажучы ўжо пра капыты…
…Ідзі ўжо, калі абяцаў… толькі ты ведаеш – два куфлі піва, не больш!
А нашто больш, калі ў патаемнай кішэні, нібы ў гушчары фатуму падсвядомасці, боўтаецца пляшка Шрёдынгера?

III

Ты чаму ад прэміі адмовіўся? Не Нобелеўка, зразумела, але ж – прэстыжна!
У кутку неразборлівага тлуму кальварыйскай піўной рэстарацыі, крыху наводаль ад скульптурнай абстракцыі “Падбітае вока Бахуса”, сядзелі дзьве антыподавыя постаці. Ну як, антыподавыя? Адная доўгая, другая – малая, быццам сымбалізуючы сабою камічна-практычнае ўвасабленне жартаўлівага характару Творцы.
Чаму адмовіўся, кажу?
А як ты мяне пасля гэтага ўяўляешь? Вось, сустракайце – Лаўрэат літаратурнай прэміі “Свабода думкі” імя Аляксандра Фядуты! Ды яшчэ за твор “Мімікрыя”. Уяўляешь? Шчэ б Чаргінца туды прыплялі ці іншую трасцу.
Так, братка. Але і “Мімікрыя” твая дужа мудрагелістая, зараз не кожны крытык твае нацякі зразумее… але, каб ужо так… - доўгая постаць зацягнулася цыгарэтай – можа, вырашылі паздзеквацца высунушы цябе на тую прэмію, загадзя ведаючы што адмовішся…
Вось і я не думаў што дажыву да часоў развітога гратэскнага сюррэалізму… - малая постаць ледзь заўважна пасьміхнулася.
Ат! Давай лепш вып’ем!
Вогненнае кола, згодна з сусветна вядомымі законамі “дарожнага руху” Геліаса, “прыпаркавалася” пад самым высокім “знакам” нябёснага часу. Апоўдзень.
Ты ж пэўна ведаешь, што яны з тым помнікам ля Дома Ўраду выкінулі?
Ну… Зянона паставілі замест Леніна. Што тут зробіш? Калі няма Гавела ў сваёй Айчыне, то хай хоць Пазьняк будзе…
Ды не! – доўгі заматаў галавою, выцягваючы з кішэні галаграфічны “дэвайс”. – Ты галоўнага не ведаешь… вось, глядзі! Звярні ўвагу на п’едэстал.
Ну?... Няўжо той самы?
Го! А ты кажаш, маўляў, хто жыў пры Лукашэнку, той нават з сучаснай дзяржаўнай палітыкі не смяецца! Смешна ж!
Вось тут, дружа, я памыліўся! Тут ужо нават не анекдот… але…, слухай, памятаеш твор позьняга Быкава “Помнік ад дэмакратыі”? Гэта ж адзін у адзін!
Дакладна, Алеську! Там жа ж таксама пакінулі Ільлічовы п’едэстал, каб паставіць на ім Песьняра! Прароцкі твор… толькі гэта,.. уяві, як рагочуць на тым свеце Пазьняк з Быкавым?! Яны ж разам і “Мартыралог” і БНФ стваралі. Такога жарту адмыслова ж не прыдумаешь!
Дык, яны “святым не жартуюць”! – крыху адсмяяўшыся сказаў той – яны так жывуць! Без жартаў, так жывуць… як там у Бахарэвіча? “Лёс помнікаў – адказваць за справы жывых. Лёс жывых – хаваць за помнікамі свае страхі і злачынствы”…
Нібы вайсковы загад “Зва-а-ажай!”, прагучаў звон на вежы касцёлу Узвышэння Святога Крыжа. Але, з жывых на тое ніхто надта не звяртаў увагі, бо трэба было дбаць аб сённяшнім, дзяржаўна-святочным (справы пахмелля душы пакінем на заўтрашнюю будзёнасць). Тут, трэба сказаць, якія людзі…


IV

Вынаходніцкім магчымасцям новых формаў “малога турыстычнага бізнесу” Менску, пазайздросцілі б самыя смелыя фантасты. Тут ёсць ўсё, на любы густ і кошт. Ад наведвання Музэю Дыктатуры, што месціцца ў будынку былой “Амерыканкі” на былой вуліцы Акрэсціна, са шматлікімі віртуальнымі ды тэатральна-экскурсійнымі, анімацыйнымі ды іншымі шоў-жарсцямі, да прыватных экскурсій па горадзе з паважлівымі расповядамі “ветэранаў апазыцыйнага руху”. Зрэшты, тых жа самых “ветэранаў”, даволі часта можна было б пабачыць у бюджэтных піўных, дзе яны ўжо ў ролях “ахвяр рэжыму”, на чысцюткай беларускай мове, надрыўна жаліліся на свой лёс усім спагадлівым наведвальнікам (найчсцей, баючы аб тым што “рэжым канфіскаваў маёмасць за нясплочаныя штрафы, а дакуманты, ведаеце ж – былыя праваабаронцы згубілі калі эмігравалі! Вось так і маюся!”). Але, як казаў Стась Карпаў, шчэ не будучы Міністрам Культуры – “По%уй!”. Кожны робіць што хоча. Тым больш, у такі дзень.
Вось і жоначка з сынам, праз той межкантынентальны “вай-фай” Алана Маска (дай Бог яму здароўя!) паведамілі што не хочуць  мяне “ТАКОГА” бачыць, а таму пайшлі ў госці да яе сястры каб павіншаваць з мінулым днём народзінаў… Ну, яны ж не чужыя ж…
…вось уяві, Ул-ладзь, калі забіраю малога з садку, адчуваю сябе некім… - добра падпітая постаць крыху задумалася – некім пісарчуком пры Вялікакняскай Пан-радзе ды адначасова, нібы тым Тарасам на балцка-славянскім Парнасе… ведаешь чаму?
???
А т-таму што, ўсе дзеці ў садку, спрэс ці то вялікія князі ці то насельнікі дахрысціянскага пантэону…Уяўляешь якая мода на імёны пайшла? Ан-анамасты, мля!...
Дык.. гэта, твайго ж таксама Вітаўтам клічуць!
То майго! А яны тут пры чым? Я не служыў ва ўнутраных войсках, не працаваў у пракуратуры, у судзе быў толькі як абвінавачаны… нават ні дню не настаўнічаў, каб фальсіфікаваць… але, скуль у іх тое нахабства? Тая фанабэрыстасць, - бачце, быдла народнае, мы пры любой уладзе будзем у “шакаладзе”! Разумеешь?... Калі б Купала жыў у наш час, то сваю п’есу ён бы не “Тутэйшымі” назваў, а хутчэй – “Прызвычаіўшыміся”…
Ты цішэй будзь… не на браневіку прамаўляеш. Я разумею і цябе, і тое што ты пішаш, Алесю. Ведаю, аб чым баліць, бо баліць не меньш за тваё. Мне ўнучка днямі кажа: “А мне яны ўсе, дзеду – ін-ды-ферен-тненькія!”. І хто гэтыя “усе”, адчуваешь? Памыліліся мы ў свой час, дружа. Не ў ідэі, але ў людзях памыліліся…
У прыярытэтах мы з табою памыліліся. На тую памылку не маючы права. Хрэн з ім, з Фядутаю, не пра яго, нябожчыка, і не пра яго ўчынкі гаворка ідзе! Пра нас. Душыць нас варта! Калі спатрэбіцца, нават – танкамі. Каб з кроўю, з лайном, з потам…
І каб “не быць скотам!”, да гэтага вядзеш? Адзін такі ўжо быў у мінулым стагоддзі, сам ведаешь чым скончылася…
Ведаю. І ты ведаеш, чым мы адрозніваемся ад украінцаў. Ім зараз, у адрозненні ад нас, ужо не давядзеш, што змена шыльды ды мовы ў навучальных установах, гэта, бач ты – рэформа адукацыі! Колькі ім “майданаў” спатрэбілася каб зразумець, што “не ложкі перасоўваць трэба, але шаболдаў урадавых мяняць”? Тры? Колькі крыві, слез, смерці спатрэбілася для ўсведамлення, што не мімікрырываць як жывёлы, але эвалюцыянаваць тррэба?! Як людзі, разумеешь? Гэта біялогія, навука…
Го! Ты сам сябе чуешь? Ці ўжо нажлукціўся? Мільёны гадоў эвалюцыі! Нашыя людзі меньш чым за дзесяць год забываюцца пра ўсё на свеце. “Люстрацыю” тую памятаешь? Ну, пасадзілі колькі там чалавек? Пяцьдзесят? Сто? А тысячы саўдзельнікаў, як і раней, выкладаюць у школах! Ніхто не памятае ўжо як яны навыперадкі беглі ў пракуратуру “здаваць” адзін аднаго, ці то кленчылі на судах аб тым, што яны, маўляў, “нічога не ведалі” і “ім загадалі”. Ніхто ўжо не памятае, як нашыя “кіраўнікі дзяржавы”, нашыя “дэмакратычныя лідэры”, рабілі ўсё магчымае каб працягнуць агонію дыктатуры, падбіваючы грамадзтва да ўдзелу ў несправядлівых выбарах…. А ты кажаш, - народ… Абывальніцкі гэта народ, Алеську. Але, ён – наш, іншага ў нас няма… Так, твая праўда, ён не змяніўся з 2018-га… ён нават з 1918 не дужа змяніўся. Такі наш беларускі лёс – жадаючы “людзьмі звацца”, нічагошанікі дзеля таго не рабіць. Во, як ты кажаш, спадзявацца на эвалюцыю…
Ва ўзнікшай няёмкай паўзе, нібы праз смугу п’яных думак, з веснавога неба праціналіся апошнія сонечныя промні. Вечарэла. Горад ужо адгуляў сваё “дзяржаўнае свята”, але, так падавалася, што ў яго патаемных сутоннях хавалася і чакала свайго моманту звышкаштоўная Таямніца. Нібы семя эліністычнага Хронасу, з якога, у свой час народзіцца першае пакаленне багоў…
Мабыць, не дажывем мы з табою, Уладзь, да таго каб беларусы маглі “людзьмі звацца”… - парушыў няёмкасць Алесь. – Не толькі ты, ці я, ці шчэ хто іншы, але, каб увесь народ. Бо не даў Бог нашаму народу памяці. Няма такой традыцыі ў яго душы… уяўляешь, дзіцёнак на днях запытаўся: “Татка, а што такое “Ам-Ап”? Гэта кавярня такая?”…
Аёй! –прыснуў са смеху іншы. – І што, цікава, ты яму адказаў?

V

Цягнік “Менск – Берасце” непрыкметна набіраў хуткасць. Крыху наводдаль зацвірчэла кіруемая ледзь не сілаю думкі, плазма “разумнага” тэлебачання. Перадавалі рэпартажы з “дзяржаўнага свята”.
Аб чым ты ўвесь час думаешь, п’янюка ты мая родная? – на плячо схілілася сонцападобная галава жонкі.
Ды так, … нешта ўспомнілася. Памятаешь: “Усё лятуць і лятуць тыя коні, срэбнай збруяй далёка грымяць…”?
І сапраўды, праз вакно было бачна як у цемры быцця за цягніком ляцелі шэрыя цені. Нібы “Дзікае паляванне караля Стаха”, наганяючы звышхуткасць магнітаплану, рухаліся ўздоўж адвечнага, гістарычнага шляху наканаванага.
Цьмяныя постаці, цені, прывіды, здані. Як беларускі народ, ні жывыя, ні мёртвыя. Проста існуючыя ў векавым бязмежжы памяці, ператварыўшыяся адно на лягенды, міфы, фальклёр. І ўжо было няважна, ці ёсць у іх месца праўдзе, ды ўвогуле, аб чым тыя лягенды?… аб сівой сярэдневечнай даўніне, апісанай Караткевічам, або  аб пажаўцеўшых старонках Устаўных Грамат, ці нават не такіх далёкіх часах дыктатуры, аб якіх ня цяжка ўзгадаць усяго толькі некалькі разоў клікнуўшы па клавіятуры кампутара… усё адно, быццам у жарнавах Молаху, калектыўнае падсвядомае народу пераварыла гісторыю на легендарнае, і таму, “страціўшае актуальнасць” у сённяшнім. А можа – і ў будучым…
Толькі нястрымны вецер за вакном калыхаў старую, напаўзабытую песню: “…Капытамі топчуць, капытамі, - памяць, памяць…”.
Памяць…

2018


Аляксандр Ахмач